«ТЫГО́ДНІК ІЛЮСТРАВА́НЫ»

(«Tygodnik ilustrowany», «Ілюстраваны штотыднёвік»),

польскі ілюстраваны часопіс, прысвечаны л-ры, мастацтву і грамадскім праблемам. Выдаваўся ў 1859—1939 у Варшаве на польскай мове. Змяшчаў краязнаўчыя, гіст.-літ., фальклорна-этнагр. матэрыялы, у т. л. прысвечаныя Беларусі: «Адзенне сялян і мяшчан з ваколіц Брэста, Кобрына, Пружан» Ю.​Крашэўскага, «Пінск і Піншчына» А.​Бандзкевіча, «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» М.​Камінскага, «Канстанцін Тышкевіч», «Рамуальд Зянькевіч» і «Ігнат Дамейка» В.​Каратынскага, «Альфрэд Ромер» Я.​Карловіча, «Некалькі слоў пра творы фантазіі народа на Беларусі» і «Людвік Кандратовіч і яго паэзія» Ф.​Сурына, «Касцёл у Дзятлаве» А.​Багдановіча, «Над Нёманам» і «Успаміны з Пінскага павета» Э.​Ажэшкі, «Слядамі вешчуна» і «Францішак Багушэвіч» Н.​Роўбы, «Беларускі народ» С.​Горскага, «Польшча і Беларусь» Ф.​Гільхэна, «Літва» Сыракомлі», «На Літве і Белай Русі» і «Беларусь прабуджаецца...» Ч.​Янкоўскага і інш. Рэпрадуктаваў творы мастакоў М.​Андрыёлі, Н.​Орды, Ю.​Фалата, Ф.​Бжазоўскага, К.​Альхімовіча, Ф.​Рушчыца, Ю.​Бранта, А.​Ромера, Ю.​Косака.

А.​Ф.​Літвіновіч, І.​І.​Янушкевіч.

т. 16, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)